Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Музычны фальклор для дзяцей

Дата: 25 апреля 2016 в 20:26, Обновлено 30 октября 2018 в 16:28

            МУЗЫЧНЫ ФАЛЬКЛОР  ЯК  ДЗЕЙСНЫ  СРОДАК   ДАЛУЧЭННЯ

  ДАШКОЛЬНІКАЎ  ДА    НАЦЫЯНАЛЬНАЙ   КУЛЬТУРЫ

        Адзін з галоўных шляхоў эстэтычнага выхавання дзяцей – далучэнне іх да музычнай культуры і найперш – да народнай музыкі. І пачынаць яго трэба з самага ранняга ўзросту, калі толькі яшчэ закладваюцца асноўныя паняцці ў дзіцяці, фарміруюцца мысленне і мова, развіваюцца здольнасці, уменні і навыкі. На жаль, сёння не многія дашкольныя ўстановы ў сваёй працы абапіраюцца на нацыянальнае мастацтва, у прыватнасці на музычны фальклор, які па сваёй сутнасці нясе ў сябе высокадухоўную мараль, эстэтыку, напоўнены народнай мудрасцю, высновамі народнай педагогікі.

      Фальклор з’яўляецца дзейсным сродкам выхавання нацыянальнага характару мыслення, маралі, патрыятызму, эстэтычнай самасвядомасці. Засваенне роднай мовы павінна праходзіць адначасова з навучаннем нацыянальнай музычнай мовы. Мастацкая прырода фальклору аб’ёмная: для кожнага, нават самага маленькага дзіцяці, яна дае творчы стымул.калыханкі, забаўлянкі – сваеасаблівы скарб народнай педагогікі, якая заўсёды знаходзіць для немаўлят зразумелыя словы і паэтычныя вобразы.

    Цікава, што цэлы пласт песень мае ярка акрэсленую выхаваўчую накіраванасць. Традыцыі беларускага народа, яго гістарычнае мінулае, звесткі пра сялянскую працу, нацыянальна-псіхалагічныя рысы адлюстраваны ў дзіцячых песнях. Шмат забаў, гульняў – гэта жартаўлівая імітацыя працоўнага працэсу дарослых (“Пасеялі дзеўкі лён”, “Мак”, “Мікіта”). Праз тэксты песень, іх лексіку дзеці ўзбагачаюць свой слоўнік, знаёмяцца з народнымі прыладамі працы, беларускімі назвамі месяцаў, дзён тыдня, нацыянальных беларускіх страў і г.д.

        Найбольш поўна адбываецца далучэнне дашкольнікаў да нацыянальнай культуры праз каляндарна-абрадавы цыкл фальклорных святаў. Мэтазгодна праводзіць самыя асноўныя, адаптаваныя да ўзроставага ўспрымання дашкольнікамі народныя абрады Багач (Восеньскі кірмаш), Каляды, Масленіца, Гуканне вясны, Купалле, рэлігійныя абрады Раство, Вялікдзень, Пакроў, дзяржаўныя (дні, пазначаныя чырвоным колерам у календары) і сямейныя святы.

       Форму фальклорных святаў можна вар’іраваць: праводзіць як у выглядзе мерапрыемстваў (музычна-спартыўнае – “Купалле”), так і як тэматычныя заняткі, як абрад (калядаванне па хатах) ці свята (навагодні ранішнік).

        Наладжванню фальклорных святаў папярэднічае крапатлівая праца як выхавальніка, так і музычнага кіраўніка: чытанне мастацкай літаратуры па тэме, гутаркі, экскурсіі, разгляд фотаздымкаў, распрацоўка сцэнарыя і афармлення залы, падрыхтоўка касцюмаў, тэматычных атрыбутаў – усе гэта максімальна праўдзіва даносіць сэнс народных традыцый.

       Эфектыўнасць правядзення свята і яго зздзеянне на ўсебаковае развіццё дзяцей вызначаецца станоўчымі эмоцыямі дашкольніказ, іх цікавасцю да  нацыянальных традыцый, беларускай гісторыі, жаданнем займацца гэтым відам дзейнасці. Дашкольнікі засвойваюць беларускую мову, узбагачаюць лексічны солўнік, набіраюцца народнай мудрасці беларускіх выслоўяў і прымавак;развучваюць новы фальклорны матэрыял – казкі, песні, гульні, танцы; асэнсоўваюць назвы фальклорных святаў і час правядзення і г.д.

      Удалае выкарыстанне фальклорнага матэрыяла ў адукацыйным працэсе залежыць і ад актыўнай пазіцыі педагога, які павінен з пашанай адносіцца да роднай мовы, далучаць як дзяцей, так і іх бацькоў да нацыянальных традыцый, да беларускай культуры.

       Такім чынам, можна зрабіць выснову, што значнай часткай культуры грамадства, якая павінна засвойвацца ўжо ў дзяцінстве, з’яўляецца традыцыйная, фальклорная культура. Выкарыстанне дзіцячага музычнага фалькдору ў навучальным працэсе станоўча ўплывае на гарманічнае рознабаковае развіццё дашкольнікаў. Творы беларускага фальклору дапамагаюць развіваць такія іх якасці, як успрыманне музыкі, пачуццё рытму, спеўныя навыкі, танцавальна-песенныя і музычна-сэнсорныя здольнасці, музычную памяць. Універсальнасць фальклорнага матэрыялу, яго шырокія развіццёвыя магчымасці дазваляюць ставіць дастаткова масштабную мэту – фарміраванне асновы музычна-эстэтычнай культуры дашкольніка.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.