ВУЧЫЦЕ ДЗЯЦЕЙ АДГАДВАЦЬ ЗАГАДКІ
Загадка, як любая задача ці пытанне, патрабуе разважання, мабілізацыі ведаш для рашэння праблемы, гэта значыць, развівае ў дзіцяці здагадлівасць і кемлівасць. Таму загадку можна выкарыстоўваць для стварэння праблемных сітуацый у розных формах адукацыйнай работы з дзецьмі. Каб навучыць дзіця правільна і самастойна рашаць задачы на кемлівасць, знаходзіць недарэчнасці, адгадваць загадкі, трэба спачатку навучыць яго пільна, уважліва назіраць за прадметамі, з’явамі навакольнага жыцця, параўноўваць, супастаўляць, расчляняць, вызначаць патрэбныя бакі, аб’ядноўваць, сінтэзаваць знойдзенае.
Адгадванне загадак, па-першае, развівае дасціпнасць, кемлівасць, хуткасць рэакцыі, разумовую актыўнасць, звычку больш глыбока і шматбакова асэнсоўваць свет, што вельмі неабходна дзецям з тымі або іншымі недахопамі развіцця як псіхічнага, так і разумовага. Прадметнасць, канкрэтнасць, накіраванасць заданняў на дэталі жыцця станоўча (у дыдактычным плане) уздзейнічаюць на дзіцячы розум, таму што гэтыя заданні накіраваны на развіццё назіральнасці, увагі, цікаўнасці, маюць пазнавальны змест.
Па-другое, адгадванне загадак і падобных да іх заданняў спрыяе актыўнаму развіццю маўлення: пашырае слоўнік, дазваляе ўбачыць шматзначнасць слоў, іх пераносны сэнс.
Такім чынам, загадкі, нягледзячы на іх малую форму, валодаюць шматлікімі каштоўнымі якасцямі, неабходнымі ў адукацыйнай і выхаваўчай працы. Але для паўнацэннага іх выкарыстання трэба ведаць прынцыпы адбору загадак да задач і паслядоўнасць працы з імі.
ПРЫНЦЫПЫ АДБОРУ ЗАГАДАК
- Суадносіць тэматыку загадкі ці задачы з жыццёвым вопытам дзяцей, з выхавальнымі адукацыйнымі задачамі (даступнасць загадкі).
- Поўная і канкрэтная характарыстыка прадмета ці з’явы, якія апісваюцца ў загадцы.
- Даступнасць мовы і ступені складанасці мастацкага вобраза загадкі для дзіцяці.
- Адпаведнацсь разумовым, моўным, узроставым магчымасцям дзіцяці таго тыпу лагічнай задачы і характару мысліцельнай аперацыі, на якой заснавана яе вырашэнне.
ПАСЛЯДОЎНАСЦЬ ПРАЦЫ З ЗАГАДКАМІ
- Трэба дапамагчы дзіцяці вызначыць усе якасці невядоіага аб’екта (правесці аналіз).
- Дапамагчы супаставіць і аб’яднаць гэтыя якасці, вызначыць магчымыя паміж імі сувязі (зрабіць сінтэз).
- Дапамагчы на падставе суаднесеных якасцей і вызначаных сувязей зрабіць вывад (адгадаць загадку).
- Засваенне дзецьмі прапанаванай схемы і самастойныя дзеянні па ёй у час адгадвання загадак.